?

Log in

No account? Create an account
Чорным ПА БЕЛЫМ: 20-годдзе Таваpыства Вольных Літаратараў. У гасцёх праграмы - літаратар і заснавальнік ТВЛ Алесь Аркуш і паэт Славамір Адамовіч! А таксама нашы дыскусійныя натхняльнікі - эксперты - Юрась Барысевіч, Серж Мінскевіч і Юрась Пацюпа!

ТВЛ вэл

ВІДЭА ТУТ: http://www.youtube.com/watch?v=5visFx5fh10
Трэба шпарчэй рабіцца культавай...
Каб засталося болей часу на
рабіць-што-хочаш.
А то яшчэ менш за пяцігодку -
і будзе 29.
А 29 - гэта ЎСЁ!
у разуменні мамы.
А мама - яна ж галоўны чалавек.
Нават можна сказаць:
МАМА ВАЖНЕЙ ЗА ПРЭЗІДЭНТА! -
і цябе не пасадзяць.


29 красавіка 2013
Бомба жывой Беларусі. Рэцэнзія на спрэчны фільм "Жыве Беларусь!"

“Жыве Беларусь!” — фільм спрэчны і даўно чаканы, фільм, пра які трэба казаць… Аўтары плануюць правезці фільм па еўрапейскіх фестывалях, а ўлетку запусціць у сеціва, каб і самі беларусы змаглі ўбачыць першы мастацкі беларускамоўны — няхай і з польскіх акцэнтам — фільм пра сучасную Беларусь.


ТЭМА ПАЎНАГАДОВАЯ, ЯК РЭЖЫМ
“Жыве Беларусь!” — вядомы лозунг нязгодных беларусаў. Ад таго сама назва абавязвае. Яна належыць многім, бо папросту прыпяклася як мінімум да неабыякавай часткі беларускага грамадства. І намуліла вуха — абыякавай. Але гэта першы фільм у сваім родзе — і ад таго рэжысёр меў права на гэткую назву (першапачатковая назва — “Мірон”), назву, у якой ёсць шанец зацікавіць масавага беларускага гледача і еўрапейскую супольнасць. Назва гучная, рэвалюцыйная, інтрыгуючая, шматабяцальная, у нечым нават ваяўнічая, у чымсьці раздражняльная.

Ужо цяпер зразумела, што фільм выкліча шквал крытыкі — справядлівай і несправядлівай. І ўсё з таго, што сітуацыя, намаляваная ў ім, не пакідае абыякавым людзей з розных бакоў беларускіх барыкадаў, унутранай і вонкавай партызанкі, і шырэй — з па-за Беларусі, дзе пра нашу дзіўную краіну пачуць яшчэ хочуць (ці — ужо гатовыя). Фільм будуць хаіць і хваліць. Хваліць, бо гэтая жывая Беларусь — вярэдзіць, баліць. Хаіць — з той самай прычыны.

Тэма яшчэ жывой, але ўжо ўшчэнт запалоханай краіны прыелася, бы манка ў яслях, пры чым — як ахвярам, так і катам, і ратаўнікам. Цяжка чапляць тое, што незагойваецца гадамі, дзесяцігоддзямі, што стамляе вечнымі енкамі і жаленнямі. Тэма жывой знявечанай краіны — паўнагадовая, як і яе рэжым. Але ўпершыню агучаная ў дадзеным фармаце.

Гэты фільм мусіў з’явіцца раней. Мусіў — і не мог. І ад таго на яго ўскладзена столькі чаканняў, з чаго — і шмат расчараванняў будзе ў тых, хто столькі чакаў (/і не чакаў) на яго. Але Франаку Вячорку (асноўнаму рухавіку, натхняльніку кінастужкі) толькі 25, ён не мог зрабіць гэта раней — да таго, як сістэма «ламала яго праз калена», як паздзеквалася да той ступені, каб атрымалася гісторыя, вартая быць расказанай многім.

УЧЫНАК У МАСТАЦТВЕ
Фільм №1 — шматкроць. Ад таго і мае права быць перадусім эксперыментам і правакацыяй. І гэта трэба ўлічваць. І гэтым усцешыцца: цяпер мы ўрэшце маем, з чаго пачаць. Першы фільм пра найноўшую гісторыю Беларусі, зняты замежным рэжысёрам. Першы палітычны ігравы фільм пра цяпершніх нас. Ужо само яго з’яўленне — добры сімптом для беларускай рэчаіснасці. Па сутнасці на сёння “Жыве Беларусь!” — больш чым фільм, гэта ўчынак у мастацтве, у культуры. Учынак, што пакуль, на жаль, не мае сабе альтэрнатывы. Але і паўстаў — дзеля яе з’яўлення.

БЕЛАРУСКАЯ МІСІЯ
Фільм скрозь палітызаваны. Зрэшты, як і нашае жыццё. У яго, апроч мастацкай, ёсць яшчэ і беларуская місія. І выглядае на тое, што ўсе беларусы, якія працавалі над фільмам — сам Франак Вячорка (другі рэжысёр, сцэнарыст), Антось Цялежнікаў (асістэнт рэжысёра), Лявон Вольскі (кампазітар), нашы акторы — сваю беларускую місію — выканалі.

І з агучанай стваральнікамі карціны задачай — паставіць Беларусь на парадак дня у свеце, даць дарогу беларускім гісторыям у Еўропу — аўтары кінастужкі справіліся. Іншая справа — сітуацыя досыць сумнеўная, калі мастацтва ад пачатку вымушана ставіць за мэту перадусім сацыяльныя ці палітычныя вынікі. Бо мастацтва — яно не абавязанае і не мусіць.

Чытаць далей.... Беларусь як зонаCollapse )

Крыніца - тут.
Стомленая, ушчэнт прайграная ў казіно дзевачка... ) У Рыме - сам ператвараешся у вобраз...
ps. Хто мамцы пакажа - галаву адарву)
валярына рым кустава 2012
Кіношка, Рым, жнівень 2012

Тату на целе, тату на душы. #янебаюсясказаць / ПРЫВАТ з Валярынай №14 | Татуировки на теле и душе

Мая суседка старэйшая за мяне на некалькі гадоў. Мы бачымся рэдка, але размовы заўжды атрымліваюцца ў нас незабыўныя. І неяк завяла яна размову - як у маленстве: а якім імем назавеш сваіх дзяцей? Я кажу, што варыянты ёсць, але тое будзем разам вырашаць са стваральнікам дзіцяці, калі прыйдзе час. А ўвогуле, кажу, бывае, што мяркуеша адно імя, а дзіця нараджаецца з усім іншым. Як было ў маёй аднагрупніцы гісторыя. Хацелі назваць сына Вітаўт. І ў выніка нарадзіўся - яна на яго яго паглядзела і бачыць - ніякі ён ня Вітаўт, ну які ж ён Вітаўт, калі ён - Антось! Так і назвала Антосем, бо быў чыста да Антося падобны. Суразмоўца мая ўважліва выслухала гісторыю і загадкава ўздыхнула: "А я назаву свайго хлопчыка вельмі рэдкім іменем..." - "Праўда, якім?" - пытаюся, - "Калі адгадаеш - скажу!" - яшчэ больш загадкава ўсьміхнулася суседка і апусьціла вочы. - "Франак, Рагнед, Славамір..." - гадала я доўга, - "Не, Юра!.. " - урэшце адказала суседка і зьбянтэжана засьмяялася. - "Ты думаеш, Юрась - гэта рэдкае імя?" - асьцярожна ўдакладніла я. - "Так... Можа, і не самае-прысамае  найрэдкае, але дастаткова рэдкае!" - пераканаўча адказала суседка. Я задумалася... І ўспомніла ўсіх сваіх мілых знаёмых Юрасёў. І праўда, у яе ж сям'і толькі аднаго так будуць зваць...
Мяне ўзрушае, калі маўчыць тэлефон суткамі, бо гэтае чаканне, чаканне твайго голасу. Мяне ўзрушае, калі ў паштовай скрыні пуста, бо гэта прыкмета таго, што неўзабаве пабачу ліст, твой ліст. Мяне ўзрушае, калі мы ў кавярні сядзім, узяўшыся за рукі, і ты доўга мяне не цалуеш, хаця, здавалася, мусіў ужо, бо гэта значыць, што калі дакранешся - будзе стакроць саладзей. Мяне ўзрушае, калі ты маўчыш падоўгу, бо ў гэтым маўчанні - ты фармулюеш нас... Мяне ўзрушае, што ты часта бываеш далёка, бо гэтая адлегласьць набліжае пры сустрэчы мацней. Мяне ўзрушае, калі ты спаткаешся з іншымі, бо можаш параўноўваць ступень радасці ад нашых сустрэч, і наша - заўжды ў выйгрышы. Мяне ўзрушае, калі ты падарожнічаеш на самоце, бо заўжды прывозіш уражанні для мяне і сумуеш. Мяне ўзрушае, што не робіш таго, што ўяўляла, бо тое, як выпадае - лепей за планы й відзежы. Мяне ўзрушае тое, што адбываецца з намі. І тое, чаго няма між намі, - таксама ўзрушае мяне...


+ Пераклад на ўкраінску мову!Collapse )

ПРАД'ЯВАЧКА

ЁН:
Вы, міс, стылістычна іншая,
эксцэнтрычная
і крыху дэкадэнская.
Ратуе Вас
паэзія лірычная,
якую пішаце
часамі з сэнсамі.

Вы, міс, нэрвозная
і крыху гістэрычная,
хоць часам глядзіцеся
даволі стрымана.
Ад Вас гэткай
іранічна-з'едлівай --
дзяўчынку небяспечна, але --
займеў бы сына я.


У такім разе сыходжу ад Вас... запоямі.Collapse )

"ЛЮБІМАЯ"

ЛЮБІМАЯ. "Чакай, толькі мне трэба ведаць, ты калі спіш - храпеш?" - насьцярожана ўдакладніла яна, запраўляючы насыпку. - "Ну, як табе сказаць... Толькі зь любімымі!" - усьміхнуўся ён. - "То бок са мной - плануеш?" - "Гэта як атрымаецца, мо я ў сьне на цябе забудуся - хаця гэта, канечне, наўрад ці... А ты?" - "Я сплю, як анёлак. Нават не чуваць, што дыхаю..." - "Тады давядзецца мне не храпсьці і ня спаць, а спраўджваць, ці жывая..." - "Во справы, як тады даведаюся, ці такая ўжо я любімая..." - "Асьцярожна, галавой ня лясьніся, любімая, тут вушак!.."
анёлак, што аступіўся,
упаў на гарачы ходнік,
на якім была кроў нечыя,
не ягоная, не вядомая,
чужая кроў
кагосьці скалечанага,
непрыгожая кроў,
нецудоўная...

анёлак сябе ў кулачок
згроб.
і зрабіў па крыві
крок.
зноў пасьлізнуўся,
не ўтрымаўся,
зламаўся...
ляжаў і верыў,
што заўсёды ёсьць мера,
што ёсьць варыянты:
ты памрэч ці ня ты,
але насамрэч тое
чалавечыя пан-ты
ды касміныя фанты...


любіць ці не любіць цябе параненага...Collapse )
* * *
Нехта піша за Куставу вершы...
Адчуваю, што гэта Паэт.
І паэт не апошні, а першы...
Толькі гэта пакуль што сакрэт!
Бо хто прозу ёй піша — вядома.
Я дазнаўся з фэйбучных навін:
за яе эратычна і клёва
піша нехта спадарыня Нін...


(c) Эдуард Акулiн

 - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -

* * *
Эдуард, мы чаргуемся, праўда:
то яму - я, то ён часам - мне.
I спраўляемся покуль спраўна.
I няма тут вiны ў вiне.
"Пасля цябе на вуснах цішыня...
Было мне вельмі соладка з табой..." -
прамовіў ён і ў думках прыабняў,
спусціўшыся па таліі рукой.

І розніца была мо толькі ў тым,
што ён усё падобнае - сказаў.
Яна ж - усё беспадобнае ўпяршынь
валізкамі прывезла на вакзал.

І шчэ паўдні пасля дарогі той,
з усмешкаю збянтэжанай да "ўаў",
замазвала на шыі незагой,
што вуснамі ўначы расцалаваў.

Ружовыя з сінечай пісягі
пад шчэццю праступалі ў яго.
І рэшткі недапаленай тугі
паціху пера...ходзілі... ў любоў.
Сэксуальная канкурэнцыя на ТV. Ёсць версія, што каб перабіць рэйтынгі нашай інсітуацыйнай(с) праграмы "Чорным па белым" пра "Сэксуальную арыентацыю..." - БелМузТВ урубіла жорсткую парнушку наўпрост сярод дзённага суботняга эфіру. Во гэта метады канкурэнцыі і змаганне за гледача...


Наша сціплае сумнеўнае ВІДЭА ТУТ:

Спасылка на крыніцу: http://bit.ly/12TIFJ7

Як выглядала відэа на БелМузТВCollapse )
Калі я і эмігрую - то праз надвор'е: паўгадовая зіма пры паўнагадовай дыктатуры - гэта перадоз :)

Таму ў якасьці тэрапеўтычных сродкаў...

Чужых любіць лягчэй...

"Чужых любіць лягчэй..." - уздыхнула яна. І пайшла шукаць свайго, каб любіць было - цяжэй.

Але на паўдарозе апамяталася: навошта так ускладняць уласную радасць?.. І вярнулася хутчэй любіць лягчэй... Тарыф "Без абавязкаў" зноў спрацоўваў - прынамсі, на сёння - без збояў.
"У цябе прыгожыя рукі, асабліва пальцы... - прамовіла яна, - яны нагадваюць мне рукі фрацузскага скульптара Апеля Феноза..." - "Ты яго ведала?.." - "Не, ён памёр у год майго нараджэння, у Парыжы. Але заўжды не пакідала адчуванне, што ведала, бо пазней, у Барселоне, на праспекце Гаўдзі я дакранулася да яго скульптуры - да Таго, што бяжыць за бурай - і ўяўляеш, я адразу яго пазнала..." - "Каго?.." - "Апэля... Але твае пальцы, яны вельмі нагадваюць мне ягоныя - я таксама іх пазнаю. Калi Феноза ствараў свае скульптуры, яго рукi дрыжалi ў прадчуваннi таго, што можа атрымацца з дакрананняў да металу, яго білі дробныя дрыжыкі..." - "У мяне часам таксама дрыжаць крыху, але ў выніку дакранання да вадкасцяў больш, чым да металу ці гліны..." - "Ты псуеш маю гісторыю!" - "Ты такая мілая... Прабач мой дурнаваты цынізм, сёння стомлены. Насамрэч, я - іншы." - "Ды ну, які - іншы?" - "Не цынічны ў такой ступені..." - "То прытрымаю сваю метафарычнасць для iншых... часоў." - "Толькі часоў, не асобаў..." - "Віншую, ты адгадаў чарнавік у маёй галаве..." - хутчэй перарвала яна, бо адчула, што яны немінуча набліжаюцца - і ад гэтага стала трывожна, асабліва ад яго ўчорашніх словаў, якія тут жа прыгадаліся зноў. Тарыф "Без абавязкаў" рабіўся ўсё менш надзейным.

Вахцёркі ін май лайф)

Вахцёркі - гэта моц. Думала, ужо звыкліся. А - не. Сёння прыйшла на працу ў новым каптурыку. Стаю, чакаю, каб ключ ад кафэдры ўзяць і ад аўдыторыі лекцыйнай, бо заняткі праз 2 хв пачынаюцца. Адна вахцёрка па тэлу расказвае камусьці пра рэцэпт кексіка, на мяне зьлёгку касавурачыся.  Я спрабую зьвярнуць на сябе ўвагу ўсімі спосабамі, апроч ору) А яна падымала так угару указальны палец, матае ім і насумлівае лоб, маўляў, пачакай, не замінай!)) Другая падыходзіць, штосьці павольна пачынае перабіраць у палічках, увогуле ігнорачы. Праходзіць 5 хвілін, 6, 7, спрабую зьвярнуць на сябе ўвагу. Першая - другой: "Маш, тут дзевачка (ківаючы ў мой бок, не адрываючы ад тэла) ужэ даўно стаіт, дык ты ей дай чаво-нібудзь, што яна там хоча, скажы ёй..." Другая, павольна абарочваецца на мяне, уздыхае, падыходзіць: "Ну, чыво цібе нада, што ты тут стаіш, дзевачка?" - Кажу: "Мне ключ ад кафедры, калі ласка, і ад аўдыторыі..." - Другая вахцёрка: "А ты хто такая вабшче?!" - Адказваю, паніжаючы голас, гучна, каб узмацніць сюр сітуацыі і неяк іх прывесьці ў сябе: "Я прэпадавацель!!!" - Другая: "Мда, нука, шапку снімі... ну, можа, і прэпадавацель, узялі твае ключы, ідзі ўжо...". Завеса.
Рыхтуючы новае Пяцікніжжа па зборніках Анатоля Сыса, заходжу на сайт Радыё Свабода пачытаць тэкст Яна Максімюка пра пераклады Васіля Сёмухі... І, дайшоўшы да Юльяна Тувіма, выпадкова натыкаюся:

"...Уся сёньняшняя беларуская моладзь, якая толькі і знае, як шастаць па фэйсбуках ды штампаваць усялякую антылукашэнкаўскую хрэнавень і фоткі Валярыны Куставай... Але вось сур’ёзна-сталыя людзі ня ўстояць і прачытаюць да канца. А пад канец:

І напявае: “Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Каму сёньня даць?
Расправымененая К... — Маць!"


Інцярэсьненька Ян Максімюк дазваляе сабе юзаць чужыя імёны, ствараючы так сказаць, тэматычны кантэкст... Я во думаю - мо ў Камісію па этыцы БАЖ звярнуцца - ці гэта накшталт папулярнасьць такая... :)) Знакі часу, так сказаць))
Думала не расказваць, але мая касьмiчная сiстэр сказала, што гэткiм грэх не падзялiцца... Экс-пi Рыгор Кастусёў кажа мне: "Усё ў Вас, Валярыначка, цудоўна, толькi, ведаеце, ёсьць толькi адзiн недахоп.. Icтотны." - "Праўда - якi?" - цiкаўлюся. - "У Вас вершы файныя, толькi недахоп у тым, што Вы iх па-руску пiшаце!" - "Штоо?!" - "Ды я i даказаць магу, я ж пастаянна Ваш ФБ чытаю..." - "Ведаеце, спадар Рыгор, невыпадкова я ўсплакнула пад час Вашай перадвыбарнай прамовы на ТБ..." :)
Чым ёсць ідэальны фемінізм – канём апакаліпсісу, перадумовай стварэння шарыяцкага грамадства, закатам Еўропы, утопіяй? альбо ідылічным светам, дзе кожны папросту займаецца тым, што любіць. Няўжо ўсе феміністкі напраўду праблемныя жанчыны? Альбо тыя – што здольныя бачыць праблемы? Да таго ж – не толькі свае… Ці пойдзе шчаслівая кабета ў феміністкі?


Моцны слабы пол не асэнсоўвае сваёй прыналежнасці да феміністычнага руху, альбо папросту нават не здагадваецца пра яго існаванне. Ці феміністка я, ці фэміністка вы – паспрабуем разам разабрацца ў гэтым з журналісткай з Бэрліну Жанай Кромэр і праваабронцай маці чатырох дзяцей Таццянай Гацурай-Яворскай. Будзе бойка светаглядаў ці жаночая салідарнасць усё ж прымірыць кабетаў? Нашыя феерычныя каментатары публіцыст з Лондану Алесь Чайчыц, філосаф Аляксей Дзермант і лінгвіст Вольга Гапеева дапамогуць нам.

Чым ёсць фемінізм у беларускім грамадстве:


Крыніца ВІДЭА: http://bit.ly/WM5nEk

*      *      *

Аддадзеныя трывогам,
паэты не спяць па начах:
шукаюць жывога Бога
і руны на ўласных плячах.

Ды ведаюць таямніцу:
штоноч нараджацца наноў,
каб смерці ўначы не сніцца -
каб ёй не ставала сноў.



Цудоўны музыка Dmitri Slepovitch паспрабаваў увасобіць мой верш па-ангельску:

Па-ангельску...Collapse )

Рыгору Барадуліну - 78!

Кажа, што калі вершы піша - толькі тады галава не баліць... Здароўя, натхнення, дарагі і адзіны дзядзьку Рыгору! PS. Пяцікніжжа Барадуліна: http://www.svaboda.org/content/transcript/24494722.html

барадулін
Чытаць далей...Collapse )

Я не скажу, аднак я не хачу,
каб ты дзяліў цяпло – цяпло ня дзеляць!..
Цямнее, непрытомнее ўваччу,
калі гавораць: ён мо іншай дзеля...

У малітоўным суме самахоць,
у рабстве палюбоўнага двубою
хачу цябе кранаць такой... ня тою –
ня так, як хтось кранаў цябе стакроць!..

Усё найлепшае ўва мне – тваё!..


-------------------------------------------------
(урывак зь верша, напісанага ў 11 класе)
*  *  *
Чым лягчэй – тым лепей
не заўсёды, мілы.
Ты прачнуўся ранкам,
поўны добрых сіл.
Ты – мая заранка...
з барваю астылай.
Як грахі? Спачылі?
Ну тады – маўчы.

Завяжу табе я
вочы белым сьцягам,
каб ня бачыў сьвету
чорнага, як здань...

Буду танчыць доўга
нецьвярозым дымам,
што свой сьлед губляе
па дарозе ў рай.

Я паклічу Бога –
хай цябе абдыме...



- - - - - - - - - - - - - - - - -
(урывачкі зь верша, напісанага ў гадоў 18-19)

ВІНО АПУЛЕЯ

Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за сьветлую журбу і цішыню,
за наш давер, за крохкасьць нашых планаў,
за тое, што адзіным Вамі сьню.

Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за хмары, што вялі нас да травы,
за тое, што Вы мной былі спатканы,
за тое, што мяне спаткалі Вы.

Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за дождж варшаўскі й менскую імжу,
за тых былых князёўнаў і вакханак,
за тых былых – за Вашых! – я кажу.


Чытаць далей...Collapse )

(верша напісаны, калі вучылася ў 11 класе)
Гэты верш, з першай кнігі "Кроў Сусвету", які напісала ў 8 гадоў, калі ў мяне яшчэ былі блакітныя вочы ды ільняныя валасы:

МАРА КАХАННЯ

Я магутны арол.
Я кахаю цябе.
Маё сэрца ў крыві,
калі бачу цябе ля другога.
Ты ня бачыш мяне.
Мяне ценем ты лічыш...
Мо дарма ў сваіх марах
я веру,
што ідзем пад руку да царквы мы...
І дакранаюцца твае вусны да маіх...
І твае блакіты побач з маімі...
Прамаўляеш ты:
«Любая...»
Але гэта
толькі
мара.
чорным па белым з саўкам валярына воля

У «Чорным па белым» пад скрыжаваным агнём мовазнавец Зміцер Саўка і журналістка Крысціна Калбаснікава разважаюць пра  праблемы ўжывання беларускай мовы.


Аўтары - Валярына Кустава і Вольга Гардзейчык

Падрабязьней - тут.
Крыху сьвяточна-мяцельнай разгрузачкі: віншавальна-вершаваны выступ на канцэрце "Асвета TUT", што зладзіў Андрусь Такінданг. Тым больш - за вокнамі гэткая зіма... )

Новы аўтарскі праект Валярыны Куставай і Вольгі Гардзейчык

ПРЭМ'ЕРА СЁННЯ, 29 студзеня, а 20:30 - тут і на вашым канале! Новае-цікавае! «Чорным па белым»!



Гэта не будзе мілая размова з творцамі, музыкамі, акторамі, да якой усе мы прызвычаіліся. Гэта будзе жорсткая дыскусія ды пляцоўка для дыскусіяў на сацыяльныя і культурніцкія тэмы розных паводле перакананняў людзей, якія не абмінаюць «нефарматных» філасофскіх і этычных праблемаў сучаснага грамадства.

Глядзець праграму раз на два тыдні а 20:30 можна на старонцы ў он-лайн трансляцыі, як і ў архіве праграмаў.



Аўтаркі праграмы, журналістка Вольга Гардзейчык і вядомая паэтка Валярына Кустава, спрабуюць шукаць праўду, зыходзячы з пастулату: праўда часам можа быць не адна. А метады даследавання праўды вельмі хітры – яны будуць пяшчотна выцягваць яе з гасцей так, каб яны не адчувалі, што гэта ціск, аднак часам гасцям Валярыны ды Вольгі давядзецца паёрзаць на крэсле.



Валярына Кустава і Вольга Гардзейчык запрашаюць на міні-прышчэпку ад апатыі раз на два тыдні ў аўторкі а 20:30.

ШВ, belsat.eu, падрабязьней і ўсё - тутака.

ДЭПРЭСІЎНЫ ЧАРНАВІК

людзі сустракаюцца,
будуюць дамы,
ну а я...
усё цягнікамі хутчэй
сьню і еду
па адной вялікай Еўропе
ў адно вялікае Некуды.
І суразмоўцы мае -
спадарожнікі выпадковыя
альбо рамантыкі -
і нават тыя - часовыя,
як колы...

людзі сустракаюцца,
робяць вялікія справы -
ствараюць тэлеканалы,
тэорыі і дысертацыі,
граюць на скрыпках канцэрты
і граюць ў тэатры
галоўныя ролі,
спяваюць у операх,
гавораць на тузіне моваў
пра землі і наасферы...
ну а я...
усё ўздыхаю
над былымі архівамі,
што не спалілі,
якія скончыць трэба
было
ў юнацтве...
і гуляю ў справу,
і справа са мною гуляе:
то яна ёсьць,
то нямашака,
як у хованкі,
і страшна - тое задавальняе,
што ўсё з табою гуляе...

людзі сустракаюцца,
бяруцца шлюбам,
дзяцей нараджаюць,
ну а я...
хочаце верш прачытаю?
бо я толькі іх і ўмею добра.
а яшчэ - марыць пад коўдрай.
але тое зусім ня лічыцца.
зрэшты, як і вершы, -
бо яны то ёсьць,
то зусім ня пішуцца.

ну а вы?..Collapse )
З серыі "ТАК НЕ БЫВАЕ. ВАРШАВА". Шукала я на чортавых кулічках у самым цэнтры мае новыя варшаўскія апартамэнты з трохмэтровымі ложкамі і барам з высокімі зэдлікамі сярод хаты. Ды не проста шукала, а а 6-й раніцы зь вялізнай фіялетавай валізкай. Заехала да патрэбнага прыпынку, выходжу - стаіць такі сімпотны хлапчыска ў хіпстэрскім камтурыку, увесь такі модна-шэры. Думаю: у гэтага спытаю. Пытаюся, а дзе вуліца Немцэвіча, ведаеце?.. Усьміхаецца - завея вочы засьціць! - кажа: ведаю і падміргвае. Пытае: а ты скуль едзеш? Кажу: зь Беларусі. Ён задзірае кашулю на холадзе - а там прэс і бел-чырвона-белы пас... "Ваш..." - тыцкае ў яго пальцам. "Наш..." Кажа, маўляў, я цябе правяду (рэдкасны паляк, валізку маю ўзяў весьці). Я кажу: я беларуска, таму сама спраўлюся. А ён: ты перадусім дзяўчына, а потым ужо беларуска - і валізку перахапіў :) Па ходу: ён аказаўся гісторыкам, 33 гадкі (а выглядае на ўсе прыкладна нашы 25:), з братам ноч гутараў, бо брат з Немцаў прыехаў. Давёз мяне з валізкай да кватэры, цягам дарогі расказаў, дзе харошыя кантары, дзе рэстарацыі, дзе крам ў раёне.... Чытаў вершы і расказваў пра польскія дыялекты, на сьнезе пісаў мне прыклады моўныя і назвы польскія... Ён глядзіць "БЕЛСАТ" і цікавіцца беларускімі пісьменнікамі і гісторыкамі. Заўважце, я ні слоўца не сказала, што там вершы пішу ці яшчэ чаго. Карацей, бяз Лукаша я б у тым раёне гадзіну б праблукала, калі ня болей. Гэта Космас. Лукаш умее пісаць харошыя смс, ад якіх і пасьля бяссонай ночы сьмешна, і вельмі ўдала выпраўляе мае памылкі на польскім, з прыкладамі і правіламі - на сьнезе, гэта я ўжо сказала... Ну ці не Космас? Вось, і Лукаш так мяркуе :)

PS. Аказалася, што за правiльную усьмешку у цягнiку Варшава-Менск можна здабыць сабе vip-купэ замест трохпалiчкавага хат-догу, дзе ты - залатая сярэдзiна. Ну, i чаго у iм харошага, у самотным, сядзiш сабе сцэнар пiшаш, а у галаве усё пра любоу мысьля, i тут у суседняй кабiнцы характэрныя такiя гукi - рытм як аснова сьвету i паэзii... Ты-гы-дым, да-дэс-ка-дэн... Цягнiкi - гэта не транспарт, гэта адчуванне. Каб я была iнструктарам па ёзе цi тантры - вылучыла б цягнiкам асобную главу у разьдзеле спазнання падсьвядомага...

ХТО КАГО ЛІЗНУЎ?..

Мамка чалавек ня сільна абазнаны ў сацыяльных сетках (і дзякуй Богу) кажа: "Ну, што, колькі чалавек табе сёння лізнулі?" - "Мама, што??" - "Ну, фоткі твае ці вершы новыя... Вы ж звычайна паміж сабой улік нейкі вядзеце: колькі хто каго лізнуў..." - Баця: "Не лізнуў, а лайкнуў!" - Мама: "Ай, якая розьніца..." :))

Часам у прыват прыходзяць ну вельмі цікавыя водгукі ад чытачоў і гледачоў. Бывае, што людзі пачынаюць аналізаваць той ці іншы тэкст настолькі глыбока прымяняючы яго да жыцця - што дзіву даешся, і сам з таго аналізу новае вынаходзіш для сябе. Апошныім разам так цікава раскладалі мне ў прываце верш "Муся, дзяўчынка-дэспат" і гутарку з аўтарам "Маладафронтаўкі". А гэтым разам новы чытач (напісаў мне ўпершыню) расклаў папярэдні тэксьцік "ТАРЫФ "БЕЗ АБАВЯЗКАЎ"", што сама падзівілася:

"Прочел "Тариф Без обязательств". Странные мысли пошли. Хочу поделиться... Ощущение что девочка молодая и глупая, а парень просто дурит ей башку белорусскими классиками, душой и Родиной. От мальчика разит максимализмом в гипертрофированной форме, что может быть только в двух случаях - он дурак или он имитирует свой максимализм (чтобы казаться круче и по другим причинам). Но раз он удрал в Польшу - значит скорее всего он не дурак... И от этого становится гадко, так как получается он имитирует любовь к родине чтобы заполучить девочку, имитирует, потому что так выгодно. А когда станет невыгодно - сразу же перекрасится в новый цвет. Короче напомнил мне мальчик подавляющее большинство преподавателей "Научного коммунизма" которые до 91 года орали как всё верно в СССР, а после 91-го - клеймили кровавый режим... Вот такие странные мысли твои стихи вызвали...".

Пра "імітацыю максімалізма", як на мяне, - цудоўна, як і сам факт выбудоўвання ланцужка гісторыі па-за тэкстам.

ps. Цяпер і па-ўкраінску.

З play.pl на mts.by
ляцелі яго эсэмэс
з цытатамі беларускіх класікаў
пра каханне, душу і Радзіму.
І не таму,
што яна любіла паэзію
і сумавала, магчыма,
а ўсё з таго, што ён
быў маніпулятарам і рамантыкам
у росквіце ўзросту
зь вялікай дарогі
з высокай пасады
і ў празе высокіх пачуццяў,
здабытых
няхай і на роўмінгу
Варшава-Менск-Варшава,
што, у прынцыпе,
дазваляў ягоны працоўны
нумар
і статус.


Далей...Collapse )


Опачкі, а тут верш ужо і на ўкраінскую мову пераклалі:

Тариф "БЕЗ ЗОБОВ'ЯЗАНЬ" (па-украінску)Collapse )

АНАЛІЗ ТЭКСЬЦІКА АД ЧЫТАЧА - "Пра імітацыю максімалізма ў маіх герояў". 

У новы адпаведна год...

фота была падпісаная аkа poet Багданам Сакаловым, якому і дзяк за яе)

poet! kustava valiaryna valeryja
Стэфан Эрыксан назваў асобаў 2012 году: http://www.svaboda.org/content/article/24811041.html

"...здольныя павярнуць любога хлопца да беларушчыны!" :)
Стэфан любіць Валерушку :)) На вялікі найшчыры ўзаем.

ps. Прашу лічыць пост асабістым)

***у калядным сьне...

* * *

Будзе вечна
ў калядным cьне
ўсім уздадзена
па патрэбе:
кожнай рыбіне – па вадзе,
кожнай птушцы божай – па небе.



31 сьнежня 2008


+ пераклад на ўкрасінскуюCollapse )

Profile

2012
valjaryna
Валярынка

Latest Month

Кст 2018
S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031   
Распрацавана LiveJournal.com